У брэсцкім СІЗА 9 красавіка памёр 51-гадовы палітвязень Аляксандр Кулініч. Яго трымалі пад арыштам і вінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Суд мусіў адбыцца 16 красавіка. Згодна крыніцам выдання "Люстэрка", афіцыйнай прычынай смерці названая ішэмічная хвароба сэрца. Ці меў загінулы доступ да неабходных лекаў і да своечасовай медычнай дапамогі, невядома. Але ўмовы ўтрымання палітвязняў у турмах і ізалятарах прыроўненыя да катавальных.
Аляксандр Кулініч - падпалкоўнік запасу. Ён служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. Згодна інфармацыі праваабаронцаў гэта ўжо шостая смерць палітвязня за кратамі.
Каманда фонду "Краіна для Жыцця" выражае шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксандра Кулініча.
Мы верым, што вінаватыя ў смерцях і катаваннях беларусаў будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.