Сёння ў Беларусі праваабаронцы налічваюць як найменей 1405 палітвязняў. Яны пазналі псіхалагічны, а часта і фізічны ціск падчас затрымання, суда або знаходжання ў месцы зняволення. Наш супольны абавязак – дапамагчы гэтым людзям. Разам з тым падтрымка палітвязняў і іх сем’яў – гэта не толькі акт гуманізму і праява салідарнасці, але таксама і ўнёсак у будучыню вольнай Беларусі.
Любая аўтарытарная, дыктатарская ўлада імкнецца раздрабіць грамадства, зрабіць так, каб кожны быў сам па сабе, каб людзі паміж сабой не камунікавалі, не падтрымлівалі адно аднаго, не рабілі нейкіх супольных нізавых актыўнасцяў або праектаў, якія выходзяць за межы кантролю дзяржавы.
“У такой атмасферы беларускае грамадства пражыло 70 гадоў да таго, як атрымала незалежнасць, – кажа заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. - Суседзі даносілі адно на аднаго, людзі не давяралі адно аднаму амаль не існавала гарызантальных сувязяў, у якіх бы дзяржава не ўдзельнічала".
Пасля падзення савецкай улады беларусы пачалі паступова пазбаўляюцца ад атамізацыі грамадства і ўмацоўваць салідарнасць. Адной з праяваў гэтага Андрэй Стрыжак лічыць валанцёрскі рух:
"Чалавек мае патрэбу рабіць нешта не толькі за грошы і не толькі дзеля ўласнага дабрабыту. Гэта прыходзіць на дастаткова высокім этапе развіцця грамадства і асобы, бо патрабуе часу або грошай на тое, што нясе грамадскую карысць.
Валанцёрства – натуральнае памкненне чалавека як істоты ў калектыве і супольнасці, з мэтай зрабіць гэтую супольнасць больш устойлівай. Валанцёрства – адна з тых рэчаў, якія робяць чалавека чалавекам".
Стрыжак мае багаты досвед такой працы. Ён вылучае два найбольш паспяховыя кірункі, звязаныя з валанцёрствам.
Вайна на Данбасе і ByCovid-19 - дапамога можа быць з мінімальнымі матэрыяльнымі рэсурсамі
"З 2015 па 2020 год я вельмі глыбока быў задзейнічаны ў праектах дапамогі, звязаных з вайной на Данбасе. Я бачыў, як шмат можна зрабіць праз валанцёрства – не толькі забяспечыць фронт альбо цывільнае насельніцтва, але таксама дакументаваць ваенныя злачынствы, фіксаваць парушэнні правоў чалавека, а таксама псіхалагічна падтрымліваць людзей.
Другі прыклад – гэта кампанія ByCovid-19. Гэты рух актыўна ўключыўся ў падтрымку беларускіх дактароў і стаў феноменам, які дагэтуль не даследаваны. Людзі, аб’яднаныя агульнай ідэяй, з мінімальнымі матэрыяльнымі рэсурсамі дасягнулі значных вынікаў.
Галоўны рэсурс – гэта імпэт і жаданне канкрэтнага чалавека зрабіць сваё жыццё, сваіх блізкіх і атачэння лепшым".
Сёння адна з самых важных мэтавых груп, на якую скіравана салідарнасць, – гэта палітвязні.
"Калі падтрымліваеш палітвязняў, робіш данат або дапамагаеш іх сем’ям, гэта ўнёсак у пабудову ўстойлівага грамадства, якое можа супрацьстаяць любым аўтарытарным памкненням – не важна, чыім: Лукашэнкі ці кагосьці іншага. Гэта вельмі важны ўнёсак у будучыню краіны", – упэўнены Андрэй Стрыжак.
Пры гэтым праявы салідарнасці беларусаў, іх мабілізацыя, значна шырэйшыя за дапамогу палітвязням. Стрыжак мяркуе, што гэта ўплывае на пабудову моцнага грамадства, якое мае стаць супрацьвагай дзяржаве, а таксама на стварэнне сістэмы стрымак і процівагаў у краіне.
"Дзяржава мае сваю функцыю, а грамадства – сваю. І калі дамоўленасць паміж імі разыходзіцца, то грамадзяне пачынаюць пратэсты, пераабіраюць уладу на выбарах або запускаюць дэмакратычныя працэсы. Калі грамадства неясталае, патэрналісцкае і чакае, што дзяржава ўсё вырашыць за людзей, гэта прыводзіць да аўтакратыі або дыктатуры”.
Сёння дзяржава актыўна спрабуе душыць ініцыятывы, жаданне свабоды і імкненне да больш справядлівага ладу жыцця ў Беларусі. Яна не хоча губляць рычагі ўплыву і кантролю над грамадствам, што прыводзіць да ўсё большай напружанасці і няшчасця сярод людзей, кажа Стрыжак.
“Шчаслівае, вольнае грамадства здольнае ствараць прадукт, карысны для ўсяго чалавецтва. Яно можа генераваць ідэі і крэатыўны кантэнт, у той час як несвабоднае – толькі падпарадкоўвацца. Гэта пазіцыя слабасці. Таму нашы грамадскія намаганні рана ці позна прывядуць да пераменаў, і ўлада будзе вымушаная адступіць".
Зрэшты, гэты шлях можа быць няпростым. Сёння па ўсім свеце мы бачым умацаванне дыктатур. Яны агрэсіўна паводзяць сябе не толькі ў дачыненні сваіх грамадзян, але і суседніх краін.
Тым не менш Андрэй Стрыжак бачыць светлую будучыню Беларусі:
"Існая ўлада не здолела стварыць нічога новага. Яны спрабуюць рэанімаваць ідэі, якія памерлі 30 гадоў таму. Гэта прыводзіць да касплэю, імітацыі савецкага ладу. Але сучасныя рэсурсы і магчымасці зусім не тыя, што былі ў СССР. Беларускае грамадства сёння значна больш адкрытае.
Калі б улады хацелі пабудаваць сапраўдную мадэль СССР, ім давялося б цалкам адключыць інтэрнэт і ізаляваць краіну, каб людзі не ведалі, як жывуць у іншых месцах. Але гэта практычна немагчыма. Людзі могуць рабіць выгляд, што падтрымліваюць рэжым, але думкі нікуды не падзенеш. Думаць у Беларусі пакуль яшчэ можна.
Да таго ж працуюць законы біялогіі, і змены — непазбежныя.
Галоўнае ў гэты цяжкі час – захаваць сябе і чалавечую годнасць. Не ісці на насуперак сумленню, не падтрымліваць актыўнымі дзеяннямі дыктатуру. Бо як пасля гэтага жыць з сабой? Таму мая парада – рабіце тое, што можаце, а калі нічога не можаце, проста захавайце сябе і сваю годнасць".