Адвакатка Ціханоўскага: «Ён хацеў, каб людзі маглі выказвацца» 

У нядзелю, 12 студзеня, на тэлеканале «Настоящее время. Док» адбудзецца прэм’ера дакументальнай стужкі пра Сяргея Ціханоўскага «Адзін з нас».
Апублікавана на
2025-01-11

У нядзелю, 12 студзеня, на тэлеканале «Настоящее время. Док» адбудзецца прэм’ера дакументальнай стужкі пра Сяргея Ціханоўскага «Адзін з нас». «Краіна для жыцця» паразмаўляла з адвакаткай Наталляй Мацкевіч. Яна выступіла кансультанткай і ўдзельніцай фільма. У Беларусі яна абараняла інтарэсы Сяргея, Віктара Бабарыкі і іншых палітвязняў. Восенню 2021 года Наталлю пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі. Праз два гады яна разам з сям’ёй вымушана пакінула Беларусь.

— Фільм «Адзін з нас»: чаму яго варта паглядзець беларусам?

— 2020 год і тое, што было пасля яго, — гэта падзеі, якія паўплывалі на далейшую гісторыю беларусаў. Палітолагі кажуць, што ў гэты час сфармавалася нацыя. Важна рэфлексаваць агульную памяць. Да таго ж Сяргей Ціханоўскі з’яўляецца значнай фігурай. У фільме хацелі прасачыць яго ролю.

— Якой вы бачыце ролю Сяргея Ціханоўскага напярэдадні выбараў у 2019–2020 гадах і якая яна сёння?

— Да таго, як я занялася яго абаронай, я не ведала Сяргея Ціханоўскага, бо не ўваходзіла ў яго мэтавую аўдыторыю. Калі я пачала вывучаць яго відэаролікі ў рамках сваёй адвакатскай працы, каб зразумець яго пазіцыю (шмат відэа ўключалася ў абвінавачанні), я зразумела, у чым была яго роля. Ён хацеў, каб людзі маглі выказвацца, адкрыта гаварыць пра свае рэальныя праблемы, у тым ліку ўладам, бо іншых пляцовак у іх не было. 

У фільме падкрэсліваецца, што ён мог данесці сваю думку да людзей з маленькіх гарадоў, да простых людзей. Ролю Ціханоўскага ў фільме ацэньвае палітолаг Арцём Шрайбан. Не буду спойлерыць, лепш, каб людзі самі паглядзелі.

— Раскажыце пра ваш досвед падчас абароны Сяргея Ціханоўскага.

— У яго ніколі не было пазіцыі “як ёсць, так і будзе, бо нічога не мае сэнсу”. Мы, вядома, не былі наіўнымі і разумелі, што калі будзе прад’яўлена канчатковае абвінавачанне і справа дойдзе да суда, то будзе тэрмін. Але спачатку была надзея, што яго адпусцяць.

Ён заўсёды адстойваў актыўную пазіцыю: падаваць скаргі падчас следства. У судзе ён таксама актыўна абараняўся, даваў паказанні, выкарыстоўваў усе інструменты крымінальнага працэсу: хадайніцтвы, адводы, заявы. Мы паводзілі сябе так, быццам гэта быў сапраўдны судовы працэс, і важна было, каб яго пазіцыя была зафіксавана ў справе. Ён — сапраўдны змагар.

— Сяргей Ціханоўскі амаль два гады не мае сувязі з роднымі і адвакатамі, не атрымлівае перадач і лістоў. Чаму рэжым Лукашэнкі прымяняе супраць яго такія захады?

— Тут няма логікі. Мяне часта пытаюцца пра матывы дзеянняў рэжыму, але я гэтага не ведаю. Мяркую, гэта ўзмацненне пакарання. Хто прыняў такое рашэнне, мне невядома. Але факт у тым, што Сяргей Ціханоўскі і іншыя палітвязні знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада (як найменей 8 асобаў) , фактычна ў сітуацыі гвалтоўнага знікнення. Магчыма, гэта звязана з тым, што гэтыя людзі важныя для беларусаў і дэманструюць пэўныя мадэлі паводзінаў. А ўлады не хочуць, каб людзі так сябе паводзілі. 

Рэжым інкамунікада павінен быць спынены, бо ён супярэчыць не толькі міжнародным стандартам, але і нарматыўным актам Беларусі. Тым жа правілам унутранага распарадку турмаў. 

Мне складана зразумець, чаму людзі нават ліста не могуць напісаць. На самай справе, гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя. І нават ва ўсіх тых выпадках, калі былі палітычныя зняволеныя. Пры якіх умовах гэта можа спыніцца? Напэўна, я не магу гэтага ведаць. Я магу толькі зрабіць высновы з папярэдняга досведу: зняволеных вызвалялі ці змякчалі рэжым да выбараў ці да нейкіх міжнародных падзей, якія былі важныя для рэжыму, каб прадэманстраваць сваю, скажам так, адэкватнасць.

— Ці можа знаходжанне ў рэжыме інкамунікада зламаць Сяргея Ціханоўскага?

— Спадзяюся, што не. Канечне, у такіх умовах вельмі складана не толькі маральна, але і фізічна выжываць. Калі ў чалавека няма грошай на рахунку, ён не можа набыць неабходныя рэчы, не атрымлівае перадач. У яго не хапае ні ежы, ні сродкаў гігіены. Не кажучы ўжо пра той непакой, які ён можа адчуваць за сваю сям’ю. Гэта вельмі цяжкія ўмовы, але, наколькі я ведаю Сяргея, гэта яго не зломіць.

Я вельмі старалася зразумець яго як асобу і яго матывы дзеянняў. Гэта было вельмі важна для выбудовы лініі абароны. Ён — чалавек, які сам сябе стварыў ва ўсіх адносінах. Не ўсе памятаюць, але ён быў паспяховым прадпрымальнікам. Ён сам сфарміраваў сябе і сваю справу.  

А ў 2019 годзе Сяргей вырашыў засяродзіцца на беларускіх праблемах. Як блогер, ён аказаўся вельмі таленавітым, бо гаварыў зразумелай мовай. Калі ж занурыўся ў беларускія рэаліі, то пачаў з эканомікі, але зразумеў: без змены мадэлі кіравання ніякія эканамічныя праблемы не вырашыць. Ён прыйшоў да гэтага сам. 

Сяргей Ціханоўскі казаў, што з людзьмі трэба размаўляць, бо ён сам калісьці быў такім жа, не разумеў, у чым праблема. Вось гэтае ўменне глядзець у корань, разумець сутнасць, хутка рабіць высновы і ператвараць іх у дзеянні — гэта і ёсць яго галоўныя якасці.

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.