25 лістапада ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын.
Згодна з падлікамі ААН, кожная трэцяя жанчына ў свеце як найменей раз у жыцці падвяргалася фізічнаму і/ці сексуальнаму гвалту з боку інтымнага партнёра, сексуальнаму гвалту з боку старонніх людзей ці абодвум тыпам гвалту адначасова.
Гвалт да жанчын праяўляецца ў фізічных, сексуальных і псіхалагічных формах. ААН прыводзіць наступныя яго прыклады:
У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі наконт таго, як часта грамадзянкі нашай краіны сутыкаюцца з такімі праявамі гвалту. Як няма і актуальных дадзеных аб хатнім гвалце, ахвярамі якога ў большасці выпадкаў становяцца жанчыны. Згодна інфармацыі за 2022 год у нашай краіне зафіксавалі каля 80 000 зваротаў з нагоды хатняга гвалту. Праваабаронцы сцвярджаюць, што рэальная лічба можа быць значна большай, бо многія ахвяры папросту не звяртаюцца па дапамогу. У тым ліку таму, што ў Беларусі адсутнічаюць спецыяльныя законы па прадухіленні гэтай з’явы.
У 2018 годзе Лукашэнка раскрытыкаваў праект закона аб хатнім гвалце, што распрацавала Міністэрства унутраных спраў: “Гэта ўсё дурасць, узятая з Захаду. Можна не перажываць, і народ хай не хвалюецца — мы будзем сыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага досведу”.
Гвалт у дачыненні да жанчын і адсутнасць належнай рэакцыі на гэта з боку праваахоўных органаў — толькі вяршыня айсберга. Пасля 2020 года ў Беларусі распачаліся масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія закранулі ў тым ліку жанчын.
Згодна з дадзенымі ініцыятывы dissidentby, на сёння ў Беларусі — 181 жанчына-палітзняволеная. Прадстаўніца ініцыятывы Марына Касінерава падкрэслівае, што рэальная лічба жанчын, асуджаных з палітычных прычын можа быць большай. У месцах зняволеня яны сутыкаюцца нават з большым ціскам чым мужчыны. Некаторыя падвяргаюцца асаблівым катаванням. Напрыклад, Марыя Калеснікава больш за год знаходзілася ў рэжыме інкамунікада. Паліну Шарэнда-Панасюк ужо тройчы судзілі за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» і тым самым падаўжалі ёй тэрмін зняволення.
“Уся гэтая сістэма – людажэрная і пабудаваная такім чынам, каб знішчыць асобу чалавека і навучыць слепа падпарадкоўвацца любым правілам. Акрамя гэтага, мы жывём у даволі патрыярхальным свеце, што відавочна адбіваецца на жанчынах у любой сітуацыі. Квінтэсенцыяй месцаў зняволення з'яўляецца жорсткая іерархія, таму ўразлівыя групы сутыкаюцца з яшчэ большым прэсінгам. Так, жанчыны не маюць банальных сродкаў гігіены, мусяць чарпаць лужыны на вуліцы і падвяргаюцца вельмі моцнаму непрыманню з боку грамадства, а вельмі часта і сям'і”, – зазначае Касінерава.
Яна дадае, што сітуацыя значна пагоршылася цягам апошніх гадоў праз тое, што беларуская дзяржава і грамадства перажываюць прававы калапс. Пасля 2020 года ў Беларусі знішчылі ўсе некамерцыйныя арганізацыі, у тым ліку тыя, якія дапамагалі ахвярам хатняга гвалту.
“Сітуацыя з гвалтам стабільная ў накірунку яго прымянення – жорсткія затрыманні, псіхалагічны гвалт на ўсіх этапах зняволення, фізічны гвалт – гэта ўсё не змяняецца і застаецца часткай жыцця беларусак”, – падсумоўвае яна.
Спасылка з карыснай інфармацыяй па дапамозе ў выпадку гвалту для беларусак замежжа і ўнутры Беларусі.