Па дарозе на працу мне патэлефанавалі з Дэпартамента міграцыі і паведамілі, што рашэнне прынятае. Якое — я даведаюся на месцы. Я быў настроены спакойна, гатовы як да станоўчага, так і да адмоўнага адказу. Але калі мне сказалі, што рашэнне станоўчае, я адчуў пашырэнне маёй свабоды. Да гэтага я быў свабодным, але адносна. Зараз гэта пачуццё стала больш усеабдымным.
Гэты статус дае мне шмат магчымасцяў, элементарна — проста пакінуць межы Літвы. Бо раней гэта было як хатняя “хімія”, толькі ў межах краіны.
У дадатак цяпер я змагу стала, без праблем назірацца ў лекараў, у тым ліку нефролага, улічваючы маю хваробу нырак. Нарэшце атрымаць статус страты працаздольнасці, камісію гэтую прайсці, здаваць на літоўскія правы, афіцыйна рэгістраваць на сябе індывідуальную ці іншую дзейнасць. Нарэшце я пачаў адчуваць сябе чалавекам з поўнымі правамі.
Як вы лічыце, ці паўплываў пікет, што вы праводзілі месяц таму, на прыняцце станоўчага рашэння?
Я лічу, што на пазітыўнае рашэнне паўплывалі некалькі фактараў. Адна з галоўных стратэгій — не хаваць галаву ў пясок. Я меў права на палітычнае ўцякацтва, улічваючы абставіны: інваліднасць другой групы, неабходнасць лячэння і рэабілітацыі. Лічу, што меў права атрымаць станоўчае рашэнне ў першачарговым парадку. Чаму гэтага не зрабілі адразу — іншае пытанне.
Таксама лічу, што негатыўны кейс, што, на жаль, адбыўся з Васілём Верамейчыкам, адыграў пазітыўную ролю. Акрамя таго, падтрымка беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў, якія закінуліі за мяне слова, таксама мела значэнне. Асабліва ўдзячны прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вользе Зазулінскай, якая пісала паперу аб паручальніцтве за мяне, а таксама ПЦ “Вясна”, які падтрымаў у цяжкую хвіліну.
Безумоўна, важную ролю сыграла мая акцыя, мэта якой была прыцягнуць увагу медыя. Інтэрв'ю, што я даваў, таксама дапамаглі.
Ці можа ваш кейс станоўча паўплываць на іншыя выпадкі, звязаныя з атрыманнем беларусамі статуса ўцякацтва ў Літве?
Я маю такі спадзеў. Ёсць іншыя беларусы, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне. Асабліва гэта важна для беларускіх добраахвотнікаў. Літоўскае грамадства і ўрад праз такія кейсы лепш зразумеюць, што беларусы — гэта не толькі тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, але і тыя, хто змагаецца супраць расейскага акупанта і за будучыню свайго народа. Полк Каліноўскага і беларускія добраахвотнікі ва Украіне абараняюць гонар усіх беларусаў.