“Хто мы для Літвы?” Беларускі ветэран вайны супраць Расеі выйшаў у Вільні на пікет

Читайте актуальную информацию о текущих проектах и акциях, направленных на помощь детям, семьям и пожилым людям. Каждый случай уникален, и наша помощь направлена на решение конкретных проблем: от срочной медицинской поддержки до долговременной помощи семьям и пожилым людям.
Апублікавана на
2024-12-02

Беларускі добраахвотнік, былы баец Палка Каліноўскага Аляксандр Клачко правёў адзіночны пікет каля будынка Дэпартамента міграцыі ў Вільні. У каментары для фонду “Краіна для Жыцця” ён растлумачыў прычыны свайго ўчынку.

“Я лічу, што 11 месяцаў – дастатковы тэрмін, каб вызначыць, кім я з’яўляюся для Літвы: нацыянальнай пагрозай ці палітычным уцекачом. Лічу, што падаў дастаткова матэрыялаў. У тым ліку сярод апошніх –  хадайніцтва ад Вольгі Зазулінскай, як прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы, а таксама ад ПЦ “Вясна”, каб даказаць, што я патрабую палітычнай абароны”.

Паводле яго слоў, было два сумоўі, кожнае працягвалася па 3-4 гадзіны і запісвалася. Ён прадставіў шмат дакументальных сведчанняў і інфармацыі з адкрытых крыніц.

“Я заўсёды адкрыты для прамых пытанняў і гатовы адказваць на іх. Але такой камунікацыі ў нас не атрымалася. Усё адбывалася аднабакова – з майго боку. Адзінае, што я пачуў месяц таму, – мая справа разглядаецца так доўга з-за вялікай загружанасці. Плануецца яе разгледзець да канца гэтага года”.

Аляксандр Клачко цягам 11 месяцаў чакае рашэння літоўскіх уладаў аб наданні яму статусу палітычнага ўцекача. Ён падаў заяўку адразу па прыездзе з Украіны, дзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях як баец Палка Каліноўскага. Увесь гэты час ён сутыкаецца з шэрагам цяжкасцяў.

“Мой дыягназ – ныркавая недастатковасць, глаўмераланефрыт. У мяне другая група інваліднасці ва Украіне па хваробе, звязанай з "захистом Батьківщини" пасля Бахмута.

Цягам паўгода я не меў права афіцыйна працаваць і быў пазбаўлены права на бясплатную медыцынскую дапамогу на тэрыторыі Літвы. Я маю DIK код як чалавек, які знаходзіцца ў статусе чакання ўцякацтва. Першыя паўгода, калі не меў права афіцыйна працаваць, то кожны раз лякарні мусіў даказваць, што не вярблюд: маю права атрымліваць бескаштоўна медычную дапамогу. Гэта магло заняць 1–2–3 дні. Фактычна, я не мог лекавацца ў лякарні. У выніку проста здаю аналізы за свой кошт раз на месяц, каб разумець, у якім стане мае ныркі.”

Цікава, што ўдзел у вайне супраць Расеі можа быць адной з прычын доўгага разгляду яго справы.

“Мой баявы досвед ідзе не ў плюс, а ў мінус. Верагодна, гэта перастрахоўка з боку літоўскіх службаў, якія займаюцца гэтым пытаннем. Я ніколі не служыў у войску ў Беларусі – ні тэрмінова, ні па кантракце. 12 гадоў адпрацаваў у Беларусі на чыгунцы”.

Аляксандр Клачко ўзгадвае рэзанансны выпадак з Васілём Верамейчыкам, яшчэ адным байцом Палка Каліноўскага. Верамейчыка прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы і забаранілі яму ўезд у Еўразвяз. Пасля гэтага КДБ дамогся таго, каб яго выслалі з В’етнама ў Беларусь.

“Я буду абскарджваць, калі будзе негатыўнае рашэнне. Яшчэ 2 месяцы таму я прадумваў як адзін з варыянтаў наступны крок: калі прымуць рашэнне аб дэпартацыі, я б сказаў – дэпартуйце мяне ў Беларусь. Паспрабаваў бы зрабіць усё, каб пасля мяне стала менш неабгрунтаваных адмоўных выпадкаў. Фактычна, Верамейчык апярэдзіў мяне, хай і не добраахвотна”.

На думку Клачко, кейс Васіля Верамейчыка, магчыма, паўплываў на літоўскія ўлады, але неістотна.

“Пакуль беларускія добраахвотнікі не атрымаюць статусу ў краіне знаходжання – ва Украіне, Польшчы, Літве – такія сітуацыі будуць паўтарацца. Таму галоўнае пытанне: хто мы для Літвы? Які ў нас статус – статус ворага ці свайго?”.

Ваша дапамога — крок да свабоды і справядлівасці

Кожнае ахвяраванне дапамагае падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, даючы ім надзею і рэсурсы для пераадолення цяжкасцяў.