Сёлета ў Вільні распачаў працу шэлтар для ўцекачоў з Беларусі. Скарыстацца яго паслугамі могуць як былыя палітвязні, так і актывісты, якія прымалі ўдзел у пратэстах. Галоўная ўмова – нядаўні тэрміновы выезд або эвакуацыя з Беларусі ў сувязі з пераследам з боку ўладаў.
У шэлтары камфортныя ўмовы для пражывання: ёсць кухня і ўсё неабходнае для прыгатавання ежы. Калі чалавек не мае з сабой ніякіх рэчаў, на першы час яго забяспечаць ручнікамі і пасцельнай бялізнай.
Адначасова ў шэлтары можа пражываць адна сям’я з дзецьмі, а таксама 4 жанчыны і 4 мужчыны ў двух асобных пакоях. Максімальны тэрмін перабывання аднаго чалавека складае 2 месяцы. Шэлтар працуе з траўня, і за гэты час прытулак у ім знайшлі больш за 30 чалавек.
Вось некалькі водгукаў:
Аляксандр:
«Гэта вельмі прыемная і неабходная дапамога ад людзей, якім ты неабыякавы, ад тваіх землякоў. Насамрэч цяжка без такой падтрымкі. Асабліва, калі ты прыязджаеш у краіну з адным заплечнікам, з думкай, што давядзецца “жыць ледзь не на вакзале”. Прысутнічае вялікі страх. А тут адразу дапамагаюць з самым важным – дахам над галавой. Гэтых некалькіх тыдняў цалкам дастаткова, каб аднавіцца, знайсці магчымасць жыць незалежна і здымаць жыллё".
Аляксандра:
«Калі я з'язджала з Беларусі, то не мела аніякага ўяўлення, як дзейнічаць далей, дзе і як шукаць жыллё. У шэлтары мяне прынялі як родную цалкам незнаёмыя людзі, якія пастаянна спрабавалі мяне накарміць (а гэта я вельмі люблю). Пражыванне тут нагадвала санаторый – прырода, цішыня, спевы птушак, поўны камфорт і выдатныя людзі – усё гэта дапамагло аднавіцца пасля беларускага змроку. Гэта цудоўна, што ёсць такое месца, куды можна прыехаць, адпачыць, стаць на ногі і вызначыцца, як дзейнічаць далей (і знайсці сяброў-аднадумцаў)".
Ірына:
«Новы, чысты, прасторны і цёплы дом. Месца, дзе адразу адчуваеш сябе як дома. Я з мужам з вялікай удзячнасцю прыняла прапанову пажыць у шэлтары, бо мы апынуліся ў незнаёмай краіне, без значных зберажэнняў, без ведаў пра жыццё ў Літве.
Гэта так важна, што і тут беларусы працягваюць светлыя, добрыя і шчырыя справы, аказваюць сваю падтрымку. Жыллё, дапамога валанцёраў, адзенне, кансультацыі па розных побытавых пытаннях – усё гэта мы атрымалі тут, у шэлтары. Сяброўская і цёплая атмасфера пануе ў нашым агульным доме. Мы вельмі ўдзячныя за неацэнную дапамогу і дабрыню, што сустрэлі адразу пасля прыезду на гэтую гасцінную зямлю!"
Наста:
«Наша сям’я тэрмінова пакінула Беларусь. З сабой у нас было два заплечнікі на трох чалавек. Магчымасць пражываць у шэлтары – гэта вельмі вялікая падтрымка для сем’яў, што апынуліся ў складанай сітуацыі. Мы змаглі аднавіцца, атрымаць неабходную дапамогу і падтрымку па ўсіх пытаннях. Гэты праект не проста важны, ён жыццёва неабходны для ўсіх, хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі. Шэлтар – гэта як крэпасць. У яго сценах мы ўпершыню за доўгі час адчулі сябе ў бяспецы».
Антон:
«Я быў адным з першых жыхароў шэлтара. Толькі што збег з Беларусі. Зразумела, ні грошай, ні працы не было. Дапамог фонд “Краіна для Жыцця”, які прапанаваў магчымасць камфортна жыць у Вільні. Я сканцэнтраваўся на пошуку працы і хутка яе знайшоў, хай і без дакументаў (а дзе іх узяць уцекачу?)».
Мы дзяліліся прадуктамі і гатавалі разам. Жылі дружна і весела. Шэлтар – гэта нашы першыя кантакты і сябры, бо дома засталіся не толькі матэрыяльныя рэчы, але і ўвесь сацыяльны капітал. З многімі былымі жыхарамі шэлтара і цяпер пастаянна маем зносіны, дапамагаем адно аднаму чым можам, абменьваемся інфармацыяй. Таму пра шэлтар у мяне самыя цёплыя ўспаміны. Дзякуй натхняльнікам гэтай ідэі».
Галіна:
«Вельмі добра, што ёсць такі шэлтар службы “Хуткай гуманітарнай дапамогі”.
Дамова падпісваецца на 2 месяцы. Дадаткова ёсць падтрымка прадуктамі. На кожнага чалавека ці сям’ю выдзяляецца пэўная сума, на якую можна сабраць прадуктовую карзіну. У шэлтары мы збіраем карзіну не толькі для сябе ці сваёй сям’і, але і з улікам патрэб усяго дома. Скончыўся кетчуп у халадзільніку – купім яго. Патрэбны гель для мыцця ці туалетная папера – трэба ўзяць іх. Хаця і тут бывае індывідуальна – не кожны гатовы да “агульнага”, і гэта, зразумела, ніхто не асуджае.
Шчыра скажу, асабіста для нас двух месяцаў аказалася мала, бо тут у нас не было наогул нікога са знаёмых, да каго можна было б пераехаць або звярнуцца па дапамогу. Акрамя таго, у ліпені Літва ўвяла новыя правілы: на працу цяпер можна браць толькі тых замежнікаў, у каго ёсць дазвол на жыхарства. Атрымліваецца, што двух месяцаў цяпер недастаткова. Пакуль атрымаеш візу D, пакуль аформіш дазвол на жыхарства, пакуль знойдзеш працу і атрымаеш першыя грошы, праходзіць больш за тры месяцы. Гэта і стала нашай галоўнай складанасцю. Мы абмеркавалі гэтыя нюансы і заключылі дамову на трэці месяц.
Наша сям’я атрымала дах над галавой на першым этапе – а гэта самае важнае ў такой сітуацыі. Не ведаю, як бы мы сталі на ногі, калі б не шэлтар (не магу сабе ўявіць, як людзі спраўляюцца з гэтым цалкам самастойна). А далей усё залежыць ад псіхікі і здольнасці прыстасавацца да новых умоў».
Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» разам з актывістамі забяспечвае функцыянаванне і працу шэлтараў для беларускіх уцекачоў у трох краінах і чатырох гарадах свету: Вільня (Літва), Батумі (Грузія), Уроцлаў і Варшава (Польшча).